Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (читаем полную версию книг бесплатно .txt) 📗
— Гэта бацька яе пісаў? — спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год.
— Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс — доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор — ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды.
Ён быў добры паляўнічы, гэты Рыгор. Які жах, пане! Сляды былі ад двух дзесяткаў коней. І падковы старыя, з трызубцам, падобным на габлі. Такіх даўно не куюць у нас. І часам гэтыя сляды знікалі і з'яўляліся праз дваццаць, праз трыццаць крокаў, быццам коні ляцелі ў паветры. Пасля мы адшукалі клак ад панскай стрэльбы, я пазнаў бы яго з сотні. Рыгор прыпомніў, што, калі ён вёз дзяўчо дахаты, нехта страляў ля прорвы. Мы пагналі коней хутчэй, бо мінула гадзін пяць, ноч ужо цямнела перад світаннем. Хутка мы пачулі — недзе гігатаў конь. Мы выехалі на вялікую галявіну, якая зарасла верасам. Тут Рыгор адзначыў, што коні дзікага палявання развярнуліся ў лаву і пайшлі намётам. А конь гаспадара некалькі разоў спатыкнуўся, відаць, стомлены. — Голас Бермана раптам адзічэў і перасекся: — І ў канцы галявіны, якраз там, дзе пачыналася прорва, мы пабачылі яшчэ жывога каня, які ляжаў са зламанай нагою і крычаў так жахліва, як чалавек. Рыгор сказаў, што пан павінен быць недзе тут. Мы знайшлі яго сляды, якія ішлі ад дрыгвы. Я рушыў па іх, але яны дайшлі да каня, амаль да каня, і зніклі. Тут на вільготнай глебе былі ўмяціны, быццам чалавек упаў. І далей нічога. Галоўнае тое, што слядоў побач не было. Паляванне збочыла сажнях у дзесяці ад таго месца. Альбо Раман узнёсся на неба, альбо коні караля Стаха дамчалі да яго ў паветры і захапілі з сабою. Мы пачакалі з паўгадзіны, і, калі пачаўся сапраўдны змрок, Рыгор хлопнуў сябе па галаве і загадаў мнё надраць бяросты. Я, шляхціц, падпарадкаваўся гэтаму хлопу: ён быў тады ўладны, як магнат. Калі мы запалілі бяросту — ён схіліўся над слядамі. «Ну, што скажаш, пане?» — сказаў ён з выглядам перавагі. «Я не ведаю, нашто яму спатрэбілася ісці ад дрыгвы, не ведаю, як ён туды трапіў», — адказаў я ніякава. Тады гэты хам разрагатаўся… «Ён і не думаў ісці ад дрыгвы. Ён, васпане, ішоў у дрыгву. І ногі ў яго зусім не былі выкручаны задам наперад, як ты, магчыма, думаеш. Ён адступаў, адступаў да дрыгвы ад чагосьці жахлівага. Бачыш, вось тут ён пляснуўся аб зямлю. Конь зламаў нагу, і ён пераляцеў цераз галаву. Ён, калі хочаш ведаць, падкруціў нагу: бачыш, крок правай нагі большы і глыбокі, значыць, ён падкруціў левую нагу. Ён адступаў да дрыгвы задам. Хадзем туды, там мы пабачым, напэўна, і канец». І сапраўды, мы пабачылі і канец. Там, дзе быў рэзкі абрыў у дрыгву, Рыгор пасвяціў бяростаю і сказаў: «Бачыш, тут ён асклізнуўся». Я трымаў яго за пас, а ён палез з гэтага абрыўчыка і паклікаў мяне: «Глядзі». І тут я пабачыў галаву Рамана, якая тырчала з рудой маслянай паверхні прорвы, і скручаную руку, якой той паспеў ухапіцца за карнявішча ад нейкага спарахнелага дрэва. Мы выцягнулі яго з вялікімі цяжкасцямі, выцягнулі мёртвага: у гэтых прорвах часта б'юць падводныя крыніцы, і ён проста замёрз. Ды яшчэ, да таго ж, і сэрца не вытрымала, як казаў пасля лекар. Божа, на твары ягоным быў такі жах, які нельга перажыць і застацца жывым! Пасля дзяўчына ледзь не звар'яцела, калі пабачыла. На руцэ нейкі ўкус, каўнер падраны. А тады мы прытарочылі труп да сядла і паехалі. І вось не паспелі мы ад'ехаць і трыццаці крокаў, як пабачылі: праз прасеку плылі смутныя конныя цені. Дзіўна было тое, што зусім не грукацелі капыты. А потым заспяваў рог недзе зусім у другім баку і так прыглушана, быццам праз вату. Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся, яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў… Надыходзіць час помсты.
Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:
— Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал — біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?
— Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.
— Гм, дзіўныя здані… А ў нядзелю? — У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал — не людзі, а макрыца-трава на градзе. — А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?
— На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, — цалкам сур'ёзна адказаў ён.
— Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? — грымнуў я. — Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!
Ён маўчаў.
— Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, — падумаўшы, імгненна падлічыў я. — На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?
— Не кашчуннічайце, — спуджана войкнуў ён. — За каго вы заступаецеся?
— Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, — не супакойваўся я. — Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!…
— Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну.
— Іх бачылі ўсе. І вы таксама.
— Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек.
— Бачыла гаспадыня.
Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў:
— Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна… ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна… м-м… своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш.
Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў.
— Але я таксама чуў гэта.
— Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане.
Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар'яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся.
У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка.
Калі я прачынаўся — я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Жыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна.