Online-knigi.org
online-knigi.org » Книги » Проза » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (первая книга .txt) 📗

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (первая книга .txt) 📗

Тут можно читать бесплатно Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (первая книга .txt) 📗. Жанр: Историческая проза. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте online-knigi.org (Online knigi) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:

Малады бялёсы мардач спалохана заміргаў вачыма.

— Хлеб.

Сінедрыён нават не пераглянуўся. Але кожнаму нібы стукнула ў сэрца. Гэтыя дні… Суд над мышамі… Збіццё хлебніка… Сённяшняя анафема… Пабоішча на Ростані… Магчыма, змова… Агульнае незадавальненне… І тут яшчэ гэтыя.

— Хлеб? — з асаблівай значнасцю спытаў Камар.

У Братчыка нешта нібы заенчыла, замерла ўнутры. Спачатку Пархвер паказаў ім таямніцу Жалезнага Ваўка, якая, магчыма, магла ўратаваць караля ад нападу. Цяпер ім задалі гэтае пытанне. Ён зразумеў, што паратунку няма і што ведае гэта ён адзін.

Юрась пакасіўся на астатніх. Відовішча, вядома, не з лепшых. Радно, скураныя поршні, зблытаныя валасы. Морды людзей, што здабываюць штодзённую лусту хлеба круцельствамі і маной.

— Жарнакрут брэша, — сказаў ён. — Усе яны прысталі да мяне. Мы, вядома, трохі махлярылі, але мы не зрабілі нічога дрэннага. І нават калі мы зрабілі невядомы нам злачын — адказ мой.

Лотр глядзеў на яго дапытліва. Высокі, дужа добра збіты, валасы залатыя, а твар нейкі смешны: густыя бровы, вочы ненатуральна вялікія і празрыстыя, аблічча мятае. Чорт ведае, што за чалавек.

— Ты хто? Адкуль?

— Юрась Братчык з П'янага Двара. Пачынак П'яны Двор.

— Прасачы там, — сказаў Лотр пану земскаму пісару.

Пісар зашалахцеў вялізнымі аркушамі скураной кнігі. Гэта быў «Вялікі чарцёж Княства». Кардынал глядзеў у вочы чалавеку. Вочы не міргалі. Наадварот, Лотр раптоўна адчуў, што з іх нешта нібыта льецца і памякчае ягоны гнеў і ягоную цвёрдую рашучасць. Не магло быць сумнення — гэты запылены прайдзісвет, гэтая шэльма, што гандлюе ўласным круцельствам, нібыта рабіў яго, кардынала, дабрэйшым.

Лотр адвёў вочы.

— Няма такога пачынка П'яны Двор, — спалохана сказаў пісар.

— Ну? — спытаў Лотр.

— Правільна. Няма. Цяпер яго няма. І жыхароў няма, — сказаў Юрась.

— Ну-ну, — успыхнуў Камар. — Ты тут на нашых душах не іграй. Татары, ці хто, пабілі?

— Татары, толькі не абрэзаныя. Не раскосыя. Не ў чалмах.

Басяцкі звузіў вочы.

— Ясна. Не круці. Чаму няма ні ў чарцяжы, ні ў пісцовых кнігах?

— І не магло быць.

«Ясна, — падумаў Юстын. — Пайшлі, відаць, у лес, расчысцілі пачынак дый жылі. А потым з'явіліся… татары… і пабілі. За што? А Бог яго ведае за што. Можа, ад пабораў уцяклі людзі? А можа, сектанты. Веру сваю ерэтычную ратавалі. І за тое і за другое выбіць маглі».

— Ляднікі? — спытаў Балвановіч. — Вольныя аратаі лясоў?

— Не магу напэўна сцвярджаць, — сказаў з усмешкай Братчык. — Мне было сем год. Я вырас на гнойнай кучы, а ўзмужнеў сярод ваўкоў.

— Так, — сказаў Лотр. — Ты гаворыш не як прасталюдзін. Чытаць умееш?

— Умею.

— Распусцілі гадаў, — буркнуў Жаба.

— Дзе вучылі?

— У калегіюме.

«Ясна, — зноў падумаў Юстын. — Бацькоў, відаць, выбілі, а дзіця аддалі ў Божы дом, а потым, калі ўбачылі, што не здох, узялі ў калегіюм».

Ён думаў так, але паручыцца нізавошта не мог. Магло быць так, а магло быць і так, што прайдзісвет маніць. Можа,і зусім таго П'янага Двара не было, а гэты — каралёў злачынец ці ўвогуле адроддзе пекла.

— У якім калегіюме?

— Я шкаляр Мірскага калегіюма…

— Калега! — зароў Жаба. — «Evoe, rex Juppiter…»*

* Пачатак застольнай песні, блюзнерскай і непрыстойнай па зместу. «Лікуй, кароль Юпітэр…»

Лотр пакасіўся на яго. Жаба змоўк. Бурмістр Юстын бачыў, што ўсе, акрамя яго і пісара, глядзяць шкаляру ў вочы. Ён не глядзеў. Так яму было лягчэй.

Пісар гартаў другую кнігу.

— Няма такога шкаляра, — сказаў ён. — Ні ў Міры і ні ва ўсіх калегіюмах, парафіяльных школах, бурсах, царкоўных і іншых школах няма такога шкаляра.

— Так, — сказаў Братчык. — Ц я п е р няма. Я б ы л ы мірскі шкаляр.

Пісар працаваў як машына:

— І сярод тых, што скончылі і атрымалі…

— Мяне выгналі з калегіюма.

Дзіўна, Юстын фізічна адчуваў, што гэты невядомы хлусіць. Мо таму, што не глядзеў яму ў вочы. І яму было дзіўна яшчэ і тое, што вераць гэтаму валацугу ўсе астатнія.

— За што выгналі? — прачнуўся біскуп Камар.

— За памяркоўнасць, спагаду і… сумненні ў веры.

Юстына аж перасмыкнула. Вераць і дапытваць не будуць. Вераць, што ты з П'янага Двара, што ты шкаляр. Але што ж ты гэта зараз сказаў? Як з месіка зваліўся, дурыла. Распісаўся ў самым страшным злачынстве. Хай бы тут быў папа, Лютар, усе бацькі ўсіх цэркваў — для ўсіх іх няма нічога горшага за гэта. Цяпер канец. І як ён сочыць за тварамі ўсіх.

— Іншаверцам, пэўна, спагадаў? — спытаў Лотр.

Юрась усё маўчаў. Глядзеў у вочы людзей за сталом. Адна нянавісць была ў іх. Адно непрыняцце. Братчык адвёў вочы. Спадзявацца не было на што.

— У чым сумняваўся?

— У святасці Лота, пан Лотр. Я чытаў… Я даволі добра ведаю гэтую гісторыю. Анёлы дарэмна ўступіліся за свайго сябра. Не трэба было паліваць нечасцівыя гарады агнём. Няварта было ратаваць адзінага праведніка. Ледзь ён пазбегнуў небяспекі, як учыніў яшчэ горшае. Паўсюль адна брыда. Павольна жывуць і змяняюцца людзі. Цяжка жыць сярод іх і паміраць. Але што зробіш? Вольныя мы з'явіцца ў гэтым свеце і ў гэты час, але не вольныя выскачыць з іх. Кожнага кліча ў с в о й ч а с зямля.

— Нешта такое дзівотнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, — ялейна сказаў Басяцкі. — Ні храна не зразумець… Ну?

— Ну, я і пайшоў па зямлі… Без надзеі, але каб ведаць усё і жыць, як усе. Ні мне, ні ім і ні вам анічога не дапаможа. Шчасце не з'явіцца перадчасна. Але застаецца цікаўнасць, дзеля якой мы… ну, як бы гэта вам сказаць… з'яўляемся ў гэты свет, калі… наш Бог вядзе нас у яго.

«Паверылі ўсякаму, нават самаму цёмнаму слову, — падумаў Юстын. — Што за сіла? Іншых ужо катавалі і правяралі б. А тут… Але нічога, вогнішча яму не мінуць».

Маўчанне вісела над галовамі. Усе невыразна адчувалі нейкую няёмкасць.

— Гм, — сказаў Лотр. — Ну, а ты адкуль, іудзей? Ты хто?

Іудзей паспрабаваў выпрастацца, але яму гэта дрэнна ўдалося. Развёў вузкімі далонямі. Насцярожана і сурова глядзеў на людзей за сталом. Пацягнуўся быў пальцам да скроні, але ўраніў руку.

— Ну, што вам казаць? Ну, мяне выгналі-ткі са Слонімскага кагалу. Я Іосія бен Раввуні. І бацька ў мяне быў бен Раввуні. І дзед. Д'ябал… прабачце, лёс прыгнаў прадзеда майго дзеда сюды. Спачатку з Іспаніі пайшлі маўры… Потым яму давялося ўцякаць і з Мальоркі. Каму ахвота быць чуэтам?* Потым быў Ціроль і была разня… Потым разня ўжо была паўсюль. І адусюль беглі сюды, бо тут быў прыстанак. Хто ведае, ці доўгі ён будзе?

* Чуэты — нашчадкі хрышчоных яўрэяў у Іспаніі.

Дамініканец усміхнуўся. Братчык заўважыў гэта і перавёў позірк з яго на іудзея, незнаёмую аповесць якога ён слухаў з жахам, спагадаю і агідай.

— Я быў у Іспаніі, — сказаў Басяцкі.

Раввуні глядзеў на яго і адчуваў, як жах бяжыць у яго ад лапатак да самага таго месца, дзе, як сцвярджаў папа Сікст, ва ўсіх ягоных супляменнікаў знаходзіцца хвост. Ніхто лепей за Раввуні не ведаў, як мала грунту пад гэтай гіпотэзай. Але неўгрунтаванасць і няслушнасць у гэтым выпадку можна было б пераканаць, толькі ўсё жыццё ходзячы без портак. І не аднаму яму.

А гэтага не дазволіў бы ніводны цывілізаваны ўрад, ніводная рада.

І таму ён халадзеў. Яму не раз ужо даводзілася бачыць такія вочы. Няхай нават не самому. Няхай памяццю прашчура. Вось яны з'явіліся і тут. Наколькі лягчэй было жыць між напалову паганскага народа.

Але ён быў выносны і ўчэпісты, як дзяржы-дрэва на скале. І таму ён не закрычаў, а, упершыню за ўвесь час, усміхнуўся. І тут адкрыліся зубы такой сляпучай белі, што бурмістр Юстын усміхнуўся ў адказ.

— Прыемна чуць, што вы пабывалі ў такім падарожжы, — сказаў езуіту Раввуні. — Колькі вы ехалі адтуль?

— Два месяцы.

— Ну вось. А мне на гэта спатрэбілася амаль два вякі. Можаце-ткі мне паверыць.

— У мяне ў Іспаніі быў адзін друг, — усміхнуўся Басяцкі.

— Толькі адзін? — нечакана для сябе самога спытаў Багдан Роскаш.

— Ён адзін быў варты тысяч, — і мніх зноў усміхнуўся, бо ўспомніў парады гэтага друга наконт народа беларускай зямлі, які ўграз у язычастве, дагэтуль трымае ідалаў і слова і больш, чым у Хрыста, верыць у Маці Божую* (хаця ўсім вядома, што яе адзіная заслуга была нарадзіць Богачалавека), які ўвесь засмечаны ерассю. Успомніў ён і другія парады вялікага друга. Наконт г э т ы х, якім па недахопу рэўнасці Божай і дбання аб ягонай велічы далі тут прытулак. Успомніў ён і парады аб ведзьмах і ведзьмарах.

Перейти на страницу:

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.


Хрыстос прызямліўся ў Гародні отзывы

Отзывы читателей о книге Хрыстос прызямліўся ў Гародні, автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор online-knigi.org


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*