Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (первая книга .txt) 📗
Юрась усё яшчэ трымаў у руках слупок клейны.
— Нашто? Проста клеймаваны ганьбаю — не хан. Яго не палацы сустракаюць. Ты помні Крычаў! Помні Крутагор'е! Памятай Волхава балота! Памятай гэтае поле! А вось табе і метка, на памяць.
І ён з сілаю ўдарыў клейнаю ў лоб мурзе.
— Ідзі цяпер да сябе. Сядзі з жанчынамі на іхняй палове. Падбірай за конямі гной. Каб ведаў, як жывуць разбоем.
— Забі, — асэнсаваўшы ўсё, з надзеяй сказаў мурза.
— Ідзі. Дайце яму каня.
Мурза пабрыў да ўзгорка. Сеў у сядло. Рушыў каня абы-куды.
…І тут устрывожыліся крумкачы над лесам. Устрывожыліся мужыкі пад узгоркам. Страпянуліся мірскія коннікі.
Ад пушчы цягнулася кавалькада: некалькі дзесяткаў коннікаў на чале з грузным чалавекам у латах. Побач з ім ехаў нехта ў плашчы з капюшонам.
— Карніла, — сказаў Тумаш. — І каплан Басяцкі з ім.
— Нешта яны пасля імшы, — сказаў тупаваты Піліп. — Гэна, як татарам на галовы дубы пускалі, то яны… А слабыя ўсё ж татары. Падумаеш, дрэва. Мне дык унь стогадовы…
— Змоўч, — сказаў Хрыстос. — Ідзі, Марыя, стрэнь іх.
Басяцкі заўважыў яе здалёк. Шапянуў Карнілу:
— А мужыкі стаяць. Не зусім зработала спакушэнне.
— Ды няшмат і засталося іх. Можна і сілай…
— Паглядзім. Шуму не хочацца. Паспрабуем іначай.
Магдаліна спынілася перад храпамі коней.
— Сядай, — сказаў Карніла, паказваючы на вольнага каня.
— Адвыкнула, — незалежна сказала яна. — Не хачу.
Яны павольна ехалі за ёй да ўзгоркаў.
— Ты ведаеш, дзеўка, што ён страшны, што нельга ўжо яго выкарыстаць дзеля перамогі над курыяй?
— А мне гэта хоць бы што.
— Здрадзіла, — сказаў сябра Лайёлы. — Забыла, хто цябе з гною ўзняў, забыла, як іх правялебнасць цябе цаніў, як паважаў раней біскуп Камар.
— Не з гною, у гной вы мяне затаўклі. Самі сюды шпурнулі — то чаго вам ад мяне чакаць.
Басяцкі аж трохі спалохаўся, такой пагардай камянеў смертаносна прыгожы твар жанчыны.
— А між тым ён хацеў бы, каб ты вярнулася, ён па-ранейшаму дасылае табе сваю любоў.
— Нічога, — з усмешкай сказала жанчына. — Ён хутка суцешыцца. Хіба мала блудніц вакол? Ці ўвогуле жанчын? А каб і яны ўсе раптам зрабіліся строгія ці вымерлі, што вам? Думаеш, не памятаю, як вы пацяшаліся над адным законам? Маўляў, «забараніць манахам браць на выхаванне малпаў, а таксама адасабляцца ў келлях з навічкамі пад маркай навучэння іх малітвам». Хіба вам не ўсё адно?
Яна абражала разлічана і жорстка. Ведала, што адзін канец, і плаціла за ўсе гады.
Карніла пацягнуў меч.
— Кінь, — сказаў каплан. І прызнаў: — Так, звод законаў абата Пятра з Клюні. Але гэта было даўно. Цяпер царква не тая.
— Што, у мяне не было вачэй? — з'едліва спытала яна. — Усё мяняецца, не мяняецеся толькі вы ды ўладары.
— Ты ведаеш, што цябе чакае?
— Ведаю. Шчасце ваша, што спазніліся. Тут бы мне крыкнуць толькі — на дзіды б вас узнялі.
— А калі мы скажам, што ты — шлюха, падасланая да яго?
— Не паверыць. Я адкрыла яму, дзе была Анея. Я сама бачыла.
— Але, ва ўсякім разе, ты будзеш маўчаць, каб мы не аддалі яму яе, — здагадаўся раптам пра ўсё мніх. — Іначай не бачыць табе яго.
— А я ўжо і не ведаю, ці хачу гэтага.
Каплан добра разумеў, што намацаў нейкую трэшчыну, што жанчына можа і не выдаць, можа нават падсвядома памагчы.
Але ён сам сапсуў справу, вырашыўшы пашырыць гэтую трэшчыну.
— Што ў цябе, каханне? — І дадаў: — Каторае?
— Першае. Ён не ведае, але першае. І апошняе.
— Трапіш — спалім.
— А я і так спаленая. Кідалі вы мяне з рук у рукі. Позна ўбачыла, што ёсць і іншыя. Таму давай, разводзь вогнішча.
Надзвычай багаты інтанацыямі голас капланаў нібы ўсміхаўся. З-пад языка асцярожна высунулася травінка-джала.
— Ды я не аб тым. Вось, калі не заб'ем — ты ж сама разумееш, што недарэмна мы «спазніліся», — то аддамо яму бабу, і хай ідзе з апосталамі за мяжу. Ты не застанешся, ты з ім вымушана будзеш пайсці. Будзе ў іх дзіця. А ты? На торнай дарозе трава не расце. Ды я не аб тым. Вось каб памагла нам, пераканала, каб пайшоў без сутычкі і шуму за мяжу, — пайшла б з ім. Нікога б мы не выпусцілі. І ён бы ўрэшце стаў тваім. Калі надзеі няма, хто такую прыгажосць прапусціць. Падумай, як многа мы табе даём?
— Многа, — сказала яна. — Толькі не пойдзе ён ад яе за мяжу. А вы мне сапраўды многа прапаноўваеце. Прыміце за гэта маю падзяку.
Каплан гаварыў з ёю, схіліўшыся з сядла, каб ніхто не чуў. І яна, сказаўшы аб падзяцы, з нечаканай сілай адвесіла яму поўху. Аж у таго зазвінела ў вушах.
Мніх успыхнуў, але насільна стрымаў сябе.
І пад'ехалі яны да ўзгорка, і, конныя, сталі перад Хрыстом. Карніла ад'ехаў у ар'ергард, высіўся між конным мірскім атрадам і мужыкамі.
— Чаго не пайшлі? — спытаў у мужыкоў Карніла.
— А яны чаго не пайшлі? — паказаў на воінаў нехта.
— Справа не ваша.
— Ну і гэта не ваша справа, — дзёрзка адказаў мужык.
Хрыстос між тым глядзеў у шэрыя, трохі ў прозелень, плоскія вочы каплана. Вочы былі халодныя, нібы ў яшчаркі.
— Калі я татар біў — вы маліліся. А цяпер наляцелі на гатовае.
Басяцкі добразычліва здзівіўся:
— Ты? Але ж паўсюль ужо ведаюць, паўсюль паведамлена, па храмах, весях, гарадах, што паграміла іх наша рука. Што ты без царквы? Што гэты мізэрны люд без царквы, без нашых модлаў і нашага духу?
— Э-эх, чарвякі гнойныя, — сказаў Хрыстос. — Зляцеліся на храбрую смерць, трупы абрахалі. Сцярвятнікі хаця не брэшуць.
Мніх усміхнуўся аднымі вуснамі.
— Гардыня? Так. І неразумнасць. Без царквы, улічы гэта, сын мой, не было б перамогі. Без царквы нічога не бывае, такі закон. Ва ўсіх летапісях, што ты там ні ведай і ні крычы, запісана, што мы не ўцяклі, не кінулі вас адных, што мы падрыхтавалі гэты страшны адпор, што «татаре да беларускай зямлі ўварваліся, але царква, з малым людзем выступіўшы, народ паганскі за воляю Божаю і помашчю неспадзявана ўразіла і паграміла і лупы паадбірала».
Ён чаканіў гэта, нібы апускаў на плечы бессаромны, невыносны цяжар.
— Мачыся вам у вочы — скажаце: Божая раса, — буркнуў Багдан Роскаш. — Ну, а ён?
— А ён, мілы наш Тумаш, паўсюль запісаны як шалбер, які «імя Божае сабе прыўлашчыў».
— Нічога, — сказаў Раввуні, — праўда ёсць.
— Не цягніся, любы, — сказаў каплан. — Праўды ў такіх справах не было і не будзе. Царква перамагла, а не ён, не народ. — Словы ягоныя сачыліся нібы смярдзючым, усепераможным гноем. — Усе подзвігі, усе дзівы, усё чалавечае — ад яе. — Ён прыніжаў, бы ў разлічаным, халодным экстазе. — Гэта мы патаемна кіравалі вамі. Дый маліліся мы… Ты што гэта пішаш, іудаіст?
— Тое, што сказана. — Раввуні спакойна вадзіў стыласам. — І потым, ты па слабасці мазгоў не так назваў нас. Разумееш, я не іудаіст. А ён, Хрыстос, не католік. А унь Фама не праваслаўны. Гэта такая ж праўда, як тое, што ты не чалавек, а гніда, якой трапіла панства…
— Хто ж вы, цікава?
— Мы — людзі, — адказаў чалавечак. — Мы людзі, таму што мы адрынутыя ўсім гэтым светам хлусні. Але мы, адрынутыя, абылганыя паклёпам, бітыя, мы і ёсць людзі ва ўсёй праўдзе сваёй. І няма ніякай іншай праўды — ні праўды Шамоэла, ні праўды Лотра, ні праўды Яхве, ні праўды Хрыста… А калі ёсць, калі нясеце яе нам в ы, то…
— На храна нам такая праўда, — дакончыў Фама.
— Правільна, — пацвердзіў Раввуні.
Каплан зразумеў, што размовы не будзе. Азірнуўся. І адразу Карніла з бразганнем пацягнуў меч. І тут побач з ім спакойна сказаў нейкі мужык:
— Ану, не руш! Не руш, нашай мовай кажу табе, падла ты свінячая, Божая ты гліста.
Басяцкі абводзіў вачыма натоўп. І раптам спалохаўся, убачыўшы, што мужыкі трымаюць напаўнацягненымі страшныя лукі з турыных рог. Некалькі такіх лукаў глядзелі на яго. Вось ён падасць знак, і мужыкоў пасля больш-менш доўгай сутычкі самнуць… Але ён ужо не ўбачыць гэтага. Хто спадзяваўся, што тут не сякеры супраць мячоў і дзід, што гэта — паляўнічыя з поўдня? Сякера — глупства. Нават меч не бярэ міланскіх лат. Але супраць такіх лукаў яны — шкарлупіна яйка.