Стары лес (на белорусском языке) - Колас Якуб Михайлович (книги онлайн полные версии .txt) 📗
Упёрся моцна прысадзiсты дуб i ўсiм крэпкiм целам сваiм рынуўся насустрач вязу. Пышны верх старога вяза з громам абламаўся, на момант звiс, затрымаўся ў дубовых суках i цiха спусцiўся на халодны лёд рэчкi, цяжарам сваiм угнуў яго, праламаў. Клубок жывой вады вырваўся на волю - заплакала рэчка над трупам старога вяза.
- Помста за смерць нашага бацькi вяза! - зашумеў той бераг рэчкi.
Грозна пацiснулi дрэвы на стары дуб.
- Гэй, сюды! - гукнуў другi бераг рэчкi. - Не дамо ў крыўду нашага абаронцу.
Замiтусiўся лес, i два грозныя вагары, дзве сцяны дрэў рынулiся адна на другую. Падняўся вiхор.
Дрэвы звiлiся ў адзiн клубок, скруцiлiся i пасыпалiся на зямлю. Глуха застагнала зямля, задрыжалi ўзгоркi, лёд патрэскаўся на возеры i ў рэчцы...
Цэлы дзень i ўсю ноч бiлася пушча, i месца пабоiшча ўяўляла сабой грозны i жудасны малюнак разбурэння i смерцi.
Прыйшла вясна, растаяў снег, павеяла цяплом, i зноў пачало абуджацца жыццё. Толькi пушча выглядала яшчэ нудней. Усюды ляжалi камлi, верхавiны, вывараты, тырчалi высокiя пнi. Толькi дзе-нiдзе, на пагорках, засталiся рэдзенькiя купкi дубоў, невялiчкiя кудзеркi старых хвояў. Прыляталi з выраю птушкi i не знаходзiлi сваiх гнездаванняў.
Плакалi сiраты дрэвы, стоячы над трупамi сваiх родных, сваякоў i знаёмых. А яснае сонейка грэла так прыветна i цёпла.
- I нашто была нам гэтая трасянiна? - казала рэшта пушчы. - Цi нам не хапiла б месца пад ясным сонейкам? Дзе наша сiла? Дзе краса наша?
- Каб не рэчка, каб яна не падзялiла нас на дзве часткi, гэтага не здарылася б, - казалi хвоi.
- Праўда, праўда, - падхапiла лiпа, - з-за яе знiшчылася пушча.
- Ну i ўцешцеся, калi знайшлi вiнаватага! - адказала сярдзiтая сойка.